ПРЫГРАНІ́ЧНЫЯ БІ́ТВЫ 1941 у Вялікую Айчынную вайну, баявыя дзеянні сав. пагран. войск, злучэнняў і часцей прыгранічных ваенных акруг (франтоў) 22—29.6.1941 супраць фаш. Германіі і яе саюзнікаў. Зах. межы СССР прыкрывалі войскі Ленінградскай, асобных Прыбалт., Зах. (гл. Заходняя асобая ваенная акруга), Кіеўскай, Адэскай ваен. акруг, якія 22—24 чэрв. пераўтвораны адпаведна ў Паўн. (ген.-лейт. М.М.Папоў, гл. Паўночны фронт), Паўн.-Зах. (ген.-палк. Ф.І.Кузняцоў, гл. Паўночна-Заходні фронт), Зах. (ген. арміі Дз.Р.Паўлаў, гл. Заходні фронт 1941—44), Паўд.-Зах. (ген.-палк. М.П.Кірпанос) і 25 чэрв. Паўд. (ген. арміі І.У.Цюленеў) франты. На марскіх рубяжах знаходзіліся флаты: Паўн. (контр-адмірал А.Р.Галаўко), Балт. (віцэ-адм. У.П.Трыбуц), Чарнаморскі (віцэ-адм. П.С.Акцябрскі); Пінская ваенная флатылія (контр-адм. Дз.Дз.Рагачоў) і Дунайская ваен. флатылія (контр.-адм. М.В.Абрамаў). Сав. войскі налічвалі 2,9 млн. чал., 10 тыс. танкаў (у т. л. 1475 навейшых тыпаў), 14 тыс. самалётаў (1540 адзінак новых канструкцый), 46 тыс. гармат і мінамётаў. Германія згодна з Барбароса планам выставіла (разам з саюзнікамі: Італіяй, Румыніяй, Фінляндыяй і Венгрыяй) 5,5 млн. чал., каля 4,3 тыс. танкаў і штурмавых гармат, каля 5 тыс. самалётаў, 47,2 тыс. гармат і мінамётаў. Сілы праціўніка былі аб’яднаны ў 3 групы армій: «Поўнач» (ген.-фельдмаршал В.Й.Ф.Лееб) — на Ленінградскім, «Цэнтр» (ген.фельдмаршал Ф.Бок) — на Маскоўскім і «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал К.Р.Г.Рундштэт) — на Кіеўскім напрамках. Ваен. дзеянні пачаліся на досвітку 22.6.1941. Армія праціўніка мела колькасную перавагу ў сілах і сродках (на некат. напрамках у 3—4 разы), перасягала сав. войскі і ў аснашчанасці новымі тыпамі тэхнікі і ўзбраення. Часці і злучэнні сав. прыгранічных акруг не былі адмабілізаваны і разгорнуты паводле плана прыкрыцця граніцы, не прыведзены ў поўную баявую гатоўнасць. Непадрыхтаванасць да вядзення працяглай абароны (планавалі ў асн. наступальныя дзеянні), недахоп вопытных камандных кадраў (масавыя рэпрэсіі ў арміі ў 1930-х г.), істотныя стратэг. пралікі ваен.-паліт. кіраўніцтва СССР прывялі да цяжкіх наступстваў. Толькі за першы дзень вайны было страчана 1200 самалётаў, з іх 800 на аэрадромах, значная частка танкаў і інш. баявой тэхнікі. На тэр. Беларусі наступала група армій «Цэнтр». Нягледзячы на ўпартае супраціўленне сав. войск (гл., напр., Брэсцкай крэпасці абарона 1941), за першыя 4 дні вайны ням. танк. злучэнні прасунуліся на У да 200 км. Спробы сав. войск контратакаваць (контрудар 23—24 чэрв. на Гродзенскім напрамку) разрозненымі сіламі мелі кароткатэрміновы поспех. Ударныя групоўкі ворага адсеклі асн. сілы 3-й і 10-й сав. армій і адрэзалі ім шляхі адступлення (гл. Навагрудскі «кацёл»), Практычна тры арміі Зах. фронту да 26 чэрв. апынуліся ў акружэнні паміж Беластокам і Мінскам; у палон трапіла 329 тыс. сав. воінаў, праціўнік захапіў 3,3 тыс. танкаў, 1,8 тыс. гармат. Раніцай 28 чэрв. ням. танк. атрады ўвайшлі ў Мінск (гл. Мінска абарона 194Γ). Войскі Паўн.-Зах. фронту хоць і нанеслі 23—25 чэрв. контрудар на Шаўляйскім напрамку, але 30 чэрв. праціўнік захапіў Рыгу. На Паўд.-Зах. фронце 23—29 чэрв. ў раёне Луцк, Броды, Роўна, Дубна адбылася буйная танк. бітва. Контрудар сав. войск адыграў важную ролю ў зрыве спроб праціўніка з ходу прарвацца да Кіева і акружыць гал. сілы фронту на Правабярэжнай Украіне. П.б. скончылася адыходам сав. войск Паўн.-Зах. фронту да Зах. Дзвіны ад Рыгі да Даўгаўпілса, Зах. фронту — да Бабруйска, Паўд.-Зах. фронту — на лінію на У ад Роўна—Астрог—Крэменец—Львоў. У гэтыя дні праведзена мабілізацыя, пачалося прасоўванне войск 2-га стратэг. эшалона, які працягваў абарону ў 1-й пал. ліп. 1941 на рубяжы рэк Зах. Дзвіна—Дняпро (гл. таксама Лепельскі контрудар 1941, Полацка абарона 1941, Віцебска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1941 і інш.).
І.А.Літвіноўскі.
т. 13, с. 63